Dubus.by


Пародыя на перадачу

Дата:  23.4.07 | Раздел: Юмор

Пародыя на перадачу


Шаноўныя гледачы! Я ведаю, што ўсе вы нецярпліва чакаеце, калі пачнецца ваша любімая перадача “У кожны дом нясём мы радасць”. Ну вось, доўгачаканы момант надышоў. І ўжо гатова несці вам радасць наша чароўная вядучая Наталля Глыбокашырокая. Сёння яна спецыяльна для вас апранула новую сукенку і начапіла эксклюзіўныя завушніцы ад Шанэль Шарданэ. А які фантастычны ў яе госць, яна раскажа вам сама. Сустракайце!

- Добры дзень, дарагія мае гледачы! Як звычайна, кожны панядзелак, аўторак, сераду, чацвер, пятніцу і суботу з нядзелямі з вамі я – Наталля Глыбокашырокая з агульнаадукацыйнай духоўна-забаўляльнай праграмай “У кожны дом нясём мы радасць”. Сёння мы будзем гаварыць пра цудоўнага пісьменніка сусветнага значэння - Міхаіла Афанасьевіча Булгакава, чыя цудоўная творчасць не можа пакінуць раўнадушным нікога. Ва ўсялякім выпадку, сярод маіх сяброў і проста знаёмых няма такога чалавека, які быў бы раўнадушны да творчасці гэтага цудоўнага пісьменніка сусветнага значэння. Госць нашай студыі – прафесар, дацэнт кафедры…э-э… (глядзіць у паперку) адным словам – дацэнт, які амаль усё сваё жыццё, дакладней, большую яго частку прысвяціў вывучэнню творчасці Міхаіла Афанасьевіча Булгакава. Калі вы яшчэ не здагадаліся, у мяне ў гасцях… (вытрымлівае паўзу) Арыстарх Арыстархавіч Шыбайла! Арыстарх Арыстархавіч, раскажыце, калі ласка, з чаго пачалося вашае знаёмства з Булгакавым, дакладней, з яго творчасцю, бо самога пісьменніка, я нагадваю нашым гледачам, ужо няма на гэтым свеце.

- З творчасцю Булгакава я пазнаёміўся яшчэ ў школе і ніколі б да яе не вярнуўся, калі б не мая выкладчыцкая дзейнасць. Увогуле прадметам маіх даследаванняў з’яўляецца творчасць Льва Мікалаевіча Талстога, які ўзняў рускую літаратуру на больш-менш высокі ўзровень, практычна вывеў яе з нізоў. Таму, калі б не Талстой, невядома ў якім бы стане…

- А што вы можаце сказаць аб выдатным творы Булгакава “Майстар і Маргарыта”? Асабіста мяне гэты твор настолькі ўразіў (хапаецца за сэрца), ды й сярод маіх сяброў і проста знаёмых няма аніводнага чалавека, якога б не ўразіў гэты яскравы, моцны, у сэнсе – духоўны твор.

- Асабіста мяне гэты твор ніяк не ўразіў, бо дагэтуль я ўжо быў знаёмы з творчасцю Льва Мікалаевіча Талстога.

- Прабачце (акругляе вочы), а як жа вечная тэма барацьбы дабра са злом?

- Гэта тэма прысутнічала ў творчасці шматлікіх пісьменнікаў, але з поўнай глыбінёй і шырынёй раскрылася ў творчасці Льва Мікалаевіча Талстога, бо духоўная скупасць і ёсць самае вялікая зло, і менавіта з духоўнай дэградацыяй трэба весці барацьбу, каб супрацьстаяць злу.

- У крытычных артыкулах я прачытала, што гумару Булгакава ў рускай літаратуры не было роўных. Гэта праўда?

- Не ведаю, дзе вы знайшлі такія артыкулы, але калі гаворка ідзе пра такія глабальныя паняцці, як дабро і зло, вайна і мір, то гумар тут не толькі не да месца, але і ўвогуле не дапускаецца. І вось Талстой у гэтым сэнсе перамог самога сябе, добра ўсведамляючы, што першапачатковая ідэя духоўнасці, а ўсялякі там гумар – толькі нікчэмная спроба запоўніць недахоп розуму.

- У нас застаецца літаральна пяць хвілін да канца эфіру. Арыстарх Арыстархавіч, што б вы маглі пажадаць нашым гледачам у сувязі з тэмай праграмы? А гледачам я нагадваю, што сёння мы гаварылі аб творчасці цудоўнага пісьменніка Льва… а-а… Міхаіла Афанасьевіча Булгакава.

- Я магу сказаць толькі адно, што на прыкладзе творчасці Льва Мікалаевіча Талстога яскрава бачна…

- На жаль, часу больш не засталося. Вялікі вам дзякуй, Арыстарх Арыстархавіч, што прыйшлі да нас у студыю. А ў гасцях у нас быў, я нагадваю нашым гледачам, прафесар, дацэнт кафедры…э-э… (глядзіць у паперку), адным словам – дацэнт, які большую частку свайго жыцця, не пабаюся гэтага слова, прысвяціў вывучэнню творчасці Міхаіла Афанасьевіча Булгакава. Сёння мы яшчэ раз упэўніліся ў геніяльнасці гэтага цудоўнага пісьменніка сусветнага значэння, а заўтра мы сустрэнемся з вамі зноўку і паразмаўляем аб тым, як правільна эмаліраваць пакрыцці нашых ваннаў і ракавін, таму не прапусціце нашу наступную праграму, якая выйдзе заўтра ў ранішнім, дзённым і вячэрнім эфірах. З вамі была я, Наталля Глыбокашырокая, з агульнаадукацыйнай духоўна-забаўляльнай праграмай “У кожны дом нясём мы радасць”. Да хуткай сустрэчы ў прамым эфіры!

Анастасія Ніпіла-Ніелава



Cтатья опубликована на сайте "Христианский портал Dubus.by":
http://dubus.by

Адрес статьи:
http://dubus.by/modules/myarticles/article_storyid_376.html