Dubus.by


Выкрыццё Дзеда Мароза

Дата:  23.4.07 | Раздел: Проза

Выкрыццё Дзеда Мароза

Калі я была маленькая, то вельмі верыла ў Дзеда Мароза. Гэта яшчэ ў дзіцячым садку было, а зараз я ў першым класе вучуся. Мой тата гаварыў, што калі я буду добра сябе паводзіць, то Дзед Мароз выканае ўсе мае жаданні. А я вельмі хацела камп’ютэр. Ва ўсіх дзяцей у садку ён ужо быў, не было толькі ў мяне. Я, канешне, разумела, што тых дзяцей, якія дрэнна ядуць, не слухаюць бацькоў і патрабуюць многа ўвагі, – Дзед Мароз не любіць. Але ж я не такая. Я сама колькі разоў чула, як мама казала бабулі, што са мною ў яе клопатаў няма. Але, калі па праўдзе, мама проста не ўсё ведае.

Ну, дык вось, раніцай 31 снежня я прыбрала свой пакой, памалілася за здароўе Дзеда Мароза, пра тое, каб тата не шкадаваў грошай на маму і каб мне хутчэй вырасці, бо дзіцячы садок так ужо надакучыў! Ён знаходзіўся не так блізка, як школа. І мала таго, што трэба было вельмі рана ўставаць, кожны раз прыдумваць, што апрануць (ну, не пойдзеш жа ва ўчарашнім?!), дык яшчэ і рабіць выгляд, што з ўсімі сябруеш. Проста ў нашым садку была такая завядзёнка – абавязкова са ўсімі дзяліцца: цацкамі, размалёўкамі, цукеркамі, ну каму гэта трэба?! І мне таксама даводзілася дзяліца сваімі любімымі фарбамі. Вядома, з добрымі і выхаванымі дзецьмі я з радасцю дзялілася. Але былі і такія (яны ёсць у кожным садку!), якім што ні дасі, з тым можна адразу развітацца. Як, напрыклад, Воўка Таўкач. Наша выхавацелька, Марыя Іванаўна, казала, што яго прозвішча яму вельмі падыходзіць. Воўка тоўк ўсё, што пападалася яму ў рукі, у тым ліку і мае фарбы. Але самае крыўднае, што колькі яго не лупцавалі, яму – як з гуся вада: усё роўна нешта знаходзіў і тоўк! Я тады часта скардзілася маме на Воўку, але яна толькі ўсміхалася і, чамусьці, неяк загадкава казала: “Дачушка, сёння ён цябе таўчэ і ты крыўдзішся, а заўтра можа стацца, што без яго ты і дня не пражывеш”. Як тут зразумець?! Але для сябе я тады вырашыла, што калі сама стану дарослай, як мама, то абавязкова адпомшчу гэтаму адкормленаму Таўкачу за ўсе яго здзекі.

А яшчэ я тады вельмі хацела браціка альбо сястрычку! Але ж я разумела, што ў Дзеда Мароза і без гэтага клопатаў хапае, і падумала, што сваю галоўную мару прыберагу да наступнага года.

…І вось, тата сказаў: “Ну, Аленка, сустракай Дзеда Мароза!” Я хуценька падбегла да ёлкі і падрыхтавалася чытаць верш. Дзед Мароз зайшоў у пакой, нешта прамармытаў сабе пад нос – і адразу за стол. Я падумала, што дзядуля стаміўся з дарогі. Спытала ў яго пра Снягурку, а ён адказаў, што згубіў яе ў лесе… І тут мама з татам замітусіліся, пачалі расстаўляць на стол закуску, выпіўку.

Пасля першай чаркі Дзед Мароз павесялеў. Я чакала, што ён папросіць мяне прачытаць верш. Але ён заглынуў яшчэ і пачаў расказваць зусім не смешныя анекдоты. Мама, чамусьці, пачырванела. І што гэта за Дзед Мароз такі? Але я ўсё роўна прачытала верш, затым перайшла да песні, потым да танца… І тут бачу, што ў Дзеда Мароза адарваўся вус… Я падбегла і пацягнула за вус, які звісаў над чаркай, пасля за бараду… – Дзед Мароз быў не сапраўдны. Я заплакала і стала кідаць ва ўсіх цукеркамі, асабліва ў Дзеда Мароза, – нашага бяззубага суседа – дзядзьку Васіля.

Затое цяпер я ведаю, што ні ў якім разе нельга верыць тым, хто многа п’е. А яшчэ я ведаю, што цуды здараюцца не толькі пад Новы год. Зараз у мяне ёсць брацік. Мама стала часцей усміхацца, а тата кожны тыдзень ходзіць са мной на каток. З Воўкай Таўкачом я сябрую і нават сяджу з ім за адной партай. І Дзед Мароз тут зусім не прычым. Проста калі сябе добра паводзіць, любіць маму з татам і старанна маліцца, то ўсе мары збываюцца!

Анастасія Ніпіла-Ніелава



Cтатья опубликована на сайте "Христианский портал Dubus.by":
http://dubus.by

Адрес статьи:
http://dubus.by/modules/myarticles/article_storyid_368.html