пра смерць св. Афанасія Брэсцкага
Над лесам грымела, ішла навальніца,
Апошняй плыла, арабінавай ноччу, —
Манаха на згубу вялі чужаніцы,
Ішлі гайдукі неахвоча,
Вялі яго ў лес, дол капаў Філіповіч,
Маўчаў, не казаў ні слова.
Бо ўсё ён сказаў, як з-пад Пінска зімою
Дайшоў да Масквы, да сівога Крамля:
"О цар, мы — браты, я прыйшоў за табою —
Кліча цябе Беларусі зямля!"
Сказаў і зноў шляхам завейным пакрочыў
Насустрач змаганню і сённяшняй ночы.
І ставяць яго гайдукі скрай магілы
І ўскідваюць стрэльбы памалу, —
Маланка жахнула і твар асвятліла,
І твар гайдукі пазналі.
Стрэльбы ў руках здрыганулі,
Міма пранесліся кулі...
На момант знямеў чужаніца галоўны
І сам аж затросся ад страху, —
Загад быў суровы і немнагаслоўны:
"Жывым закапаць манаха!.."
Глыба адна, другая зляцела
На жывое цела.
А потым вясною, а потым вясною
Знайшлі пастухі магілу.
"Цела не стлела, цела не стлела!.." —
Уся Беларусь гаварыла.
Свайму абаронцу, мабыць,
Магілай не можа зямля быць!
1962